МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т.л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.
Г.Г.Камлюк.
т. 10, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)